Наступ падтрымлівае зварот былых палітычных зняволеных Беларусі да еўрапейскіх лідараў. Чалавечае жыццё, годнасць і свабода – найвышэйшыя каштоўнасці Наступу. Сённяшнюю стратэгію Офіса Святланы Ціханоўскай мы лічым антыгуманнай.
Мы падзяляем заклік аўтараў і аўтарак ліста да Еўрапейскага саюза ўзяць на сябе больш актыўную ролю ў вызваленні палітычных зняволеных і спыненні рэпрэсій у Беларусі. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных павінна стаць адным з галоўных прыярытэтаў еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Амерыканскія намаганні ўжо вярнулі на волю сотні людзей, пры гэтым Еўрапейскі саюз так і не стаў суб’ектам у гэтым пытанні.
Мы заклікаем Еўрапейскі саюз выкарыстоўваць для вызвалення палітычных зняволеных усе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і непублічную працу. Гэта павінна стаць асновай доўгатэрміновай стратэгіі па Беларусі, якой да сёння няма.
Намаганні па вызваленнях мусяць быць паслядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленне людзей стаць пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю.
Заклікаем былых палітычных зняволеных, якія падзяляюць гэтую пазіцыю, далучыцца да адкрытага ліста.
З павагай,
Наступ
26.10.2026
Страсбур, Познань, Варшава, Тэль-Авів





