У Беластоку прайшоў з’езд да 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), у якім па запрашэнні лідара партыі Паўла Севярынца прыняў удзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка.

Падчас выступу з першым прывітальным словам ён адзначыў: «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прайшла праз рэпрэсіі трыццатых гадоў, праз савецкі таталітарызм, праз лукашэнкаўскія турэмныя зняволенні. Але вы выстаялі».

У з’ездзе таксама прынялі ўдзел:

  • дэпутат Еўрапейскага парламента і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Анджэй Галіцкі;
  • кіраўніца прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра па Беларусі Габрыэле Баўман;
  • старшыня партыі «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты» Лаўрынас Кашчунас;
  • дэпутат Палаты дэпутатаў Парламента Чэшскай Рэспублікі Хаята Окамура;
  • галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка;
  • сябр Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнік беларускай меншасці на Беласточчыне Яўген Вапа;
  • афіцыйны прадстаўнік Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі Йон Стэйнар К’ёлесдал;
  • дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі;
  • сузаснавальнік Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі і правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька;
  • намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, лідар Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч;
  • грамадскі лідар, палітвязень Зміцер Дашкевіч;
  • а таксама прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі «Грамада» і іншых партый.

Падчас выступу Павел Латушка звярнуўся да Паўла Севярынца:«Вы прысвяцілі палітычнай барацьбе і служэнню Беларусі дзесяцігоддзі свайго жыцця. Вы прайшлі праз доўгія і цяжкія гады турэмнага зняволення, але давялі ўсяму свету, што прынцыпы і маральная сіла вышэйшыя за любыя краты. Ваша стойкасць і Ваша вяртанне да працы – гэта велізарнае натхненне для многіх. Вы прыклад для мяне і маіх калег».

Таксама ён падкрэсліў, што ніякія палітычныя амбіцыі ў эміграцыі не маюць сэнсу, калі мы не ставім сабе за мэту вяртанне ў Беларусь: «Наша агульная мэта: вярнуцца дадому, дамагчыся палітычных змен і свабодных выбараў — і ўдзельнічаць у іх у Беларусі». 

Павел Латушка запрапанаваў партыям прыняць актыўны ўдзел у наступных выбарах у Каардынацыйную Раду: «Спалучаючы партыйнае будаўніцтва з развіццём агульнага прадстаўнічага органа, мы робім тое, што з’яўляецца класікай і падмуркам любой свабоднай дэмакратыі: калі партыі спаборнічаюць на выбарах і фармуюць органы ўлады. Так мы аб’яднаем партыі і інстытуты ў адзіны кулак і закладзем падмурак будучай палітычнай сістэмы Беларусі». 

У яго прамове было падкрэслена, што сёння ўпершыню беларускія дэмакратычныя сілы змаглі пабудаваць паўнавартасную інстытуцыйную архітэктуру: «Паасобку мы губляем сілу, але калі мы аб’ядноўваем высілкі і каардынуем нашы дзеянні — менавіта тады мы забяспечваем палітычную суб’ектыўнасць беларускага народа. Гэта магутны гістарычны прэцэдэнт: мы маем усе магчымасці быць не проста сумай асобных палітычных адзінак, а адзінай і моцнай альтэрнатыўнай сістэмай». 

Павел Латушка таксама адзначыў, што НАУ падрыхтавала даследаванне «Нацыянальны дыялог для Беларусі», дзе быў прааналізаваны досвед Германіі, Польшчы і Іспаніі як магчымыя мадэлі выхаду з крызісу. Ключавая выснова дакумента гучыць так: сістэма здольная весці дыялог толькі з сістэмай. І перамагчы ці змяніць сістэму можа толькі іншая сістэма.

Падводзячы вытык, палітык дадаў, што наш прынцып у кантактах з ЕС застаецца непарушным: «”Нічога пра беларусаў без саміх беларусаў!”. Інтарэсы беларускага народа мусяць прадстаўляць і адстойваць беларускія дэмакратычныя інстытуты і грамадзянская супольнасць. І менавіта з гэтага фундаментальнага прынцыпу вынікае Стратэгія Беларускага Круглага стола. Гэта не саступка рэжыму. Гэта адзіны мост, які вядзе ад рэпрэсій і эміграцыі да свабодных выбараў і вяртання дадому».

 

 

 

 

Яшчэ навіны

Падзяліцца