17 лістапада пачаўся адукацыйны цыкл, арганізаваны Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы ў супрацоўніцтве з «Кадравым рэзервам» пры падтрымцы Каардынацыйнай рады. У межах першай тэматычнай серыі ўжо адбыліся два анлайн-семінары, прысвечаныя еўрапейскім мадэлям мясцовага самакіравання, дэцэнтралізацыі, мясцовай аўтаноміі і размеркаванню паўнамоцтваў паміж рознымі ўзроўнямі ўлады.
Юрый Губарэвіч, каардынатар фракцыі КЛРЗС, адкрываючы адукацыйную праграму, адзначыў важнасць падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных узяць на сябе адказнасць за дзяржаўнае кіраванне і мясцовае самакіраванне ў будучай дэмакратычнай Беларусі.
«Дэмакратычныя перамены — гэта не толькі змена палітычнага кіраўніцтва або прыняцце новых законаў. Гэта таксама стварэнне эфектыўных інстытутаў, якія служаць людзям і падсправаздачныя мясцовым супольнасцям».
У заключным слове спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан падкрэсліў, што падрыхтоўка да рэформы мясцовага самакіравання павінна стаць неад’емнай часткай працы над будучымі дэмакратычнымі пераменамі ў Беларусі.
«Мы шмат гаворым пра дэмакратычныя перамены ў Беларусі, але без падрыхтоўкі да рэформы мясцовага самакіравання гэтыя размовы губляюць сэнс. Бо мясцовае самакіраванне — гэта аснова дэмакратыі. Сапраўдная дэмакратыя будуецца знізу ўверх, а не зверху ўніз».
Рэформа мясцовага самакіравання — гэта не проста пераразмеркаванне адміністрацыйных функцый. Яна павінна даць мясцовым супольнасцям рэальныя паўнамоцтвы, фінансавыя магчымасці і права самастойна вырашаць пытанні, якія непасрэдна ўплываюць на жыццё грамадзян.
Адукацыйны цыкл складаецца з пяці тэматычных серый па тры анлайн-семінары ў кожнай. Акрамя мясцовага самакіравання, праграма ахоплівае грамадзянскі ўдзел і электронную дэмакратыю, кіраванне рэформамі, фінансавую дэцэнтралізацыю, супрацоўніцтва з мясцовымі супольнасцямі і грамадскі кантроль.
Падрыхтоўка да дэмакратычных пераменаў павінна адбывацца ўжо сёння. Бо будучая Беларусь павінна не проста змяніць уладу, а пабудаваць сістэму, у якой улада служыць грамадзянам, а людзі маюць рэальны ўплыў на рашэнні, што вызначаюць іх жыццё.




