У межах пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Камісіяй па сацыяльных пытаннях Каардынацыйнай рады і Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі адбылася першая працоўная сустрэча з новай прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Веранікай Станкевіч.
Падчас сустрэчы бакі вызначылі асноўныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння, абмеркавалі абмен інфармацыяй і каардынацыю намаганняў для вырашэння сацыяльных праблем беларусаў.
Асноўная ўвага была нададзена тром напрамкам супрацоўніцтва:
1. Праца са зваротамі грамадзян
Бакі абмеркавалі магчымасць абмену інфармацыяй пра звароты беларусаў, якія патрабуюць асаблівай увагі, сумеснага разгляду і пошуку шляхоў вырашэння ўзнятых праблем.
2. Узаемадзеянне з валанцёрамі і грамадскімі арганізацыямі
Камісія па сацыяльных пытаннях вывучыць дзейнасць валанцёраў, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай радай, а таксама грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, што аказваюць беларусам сацыяльную і гуманітарную дапамогу. Гэта дапаможа вызначыць наяўныя рэсурсы, наладзіць абмен досведам і палепшыць каардынацыю паміж арганізацыямі.
3. Сумеснае прадстаўленне і адстойванне інтарэсаў беларусаў
Бакі дамовіліся ўзгадняць пазіцыі і выпрацоўваць агульныя падыходы да сацыяльных пытанняў перад міжнароднымі сустрэчамі, канферэнцыямі і іншымі мерапрыемствамі. Такое супрацоўніцтва дазволіць больш паслядоўна прадстаўляць інтарэсы беларусаў на міжнародным узроўні.
Асобную ўвагу надалі абмену аналітычнымі матэрыяламі і напрацоўкамі ў сферы сацыяльнай палітыкі. У прыватнасці, абмеркавалі матэрыялы, прысвечаныя інтэграцыі былых палітычных зняволеных і становішчу людзей з інваліднасцю. Магчымасць перадачы адпаведных дакументаў будзе дадаткова ўзгоднена.
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся падтрымліваць пастаянную працоўную сувязь, абменьвацца інфармацыяй і каардынаваць дзейнасць у пытаннях сацыяльнай падтрымкі беларусаў.
Супрацоўніцтва Камісіі па сацыяльных пытаннях Каардынацыйнай рады і Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК мае на мэце аб’яднанне намаганняў, эфектыўнае выкарыстанне наяўных магчымасцяў і выпрацоўку сумесных рашэнняў для абароны сацыяльных правоў і інтарэсаў беларусаў.





