Дэлегацыя Каардынацыйнай рады пры Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы ў партнёрстве з Кадравым Рэзервам запрашае да ўдзелу ў новай серыі анлайн-семінараў, прысвечаных сучасным еўрапейскім мадэлям дэмакратычнага мясцовага самакіравання.
Першая серыя пройдзе ў лістападзе-снежні 2026 года. Разам з еўрапейскімі і беларускімі экспертамі ўдзельнікі разгледзяць досвед дэцэнтралізацыі і рэформаў мясцовага самакіравання ў розных краінах Еўропы, абмяркуюць магчымасці прымянення гэтых падыходаў у Беларусі і падрыхтоўку практычных прапаноў для будучых рэформаў.
Юрый Губарэвіч, чалец дэлегацыі, каардынатар кампаніі «Кадравы Рэзерв для Новай Беларусі» і каардынатар фракцыі КЛРЗС адзначыў:
«Дэмакратычнае мясцовае самакіраванне ў Беларусі не з’явіцца само па сабе. Для яго патрэбныя не толькі новыя законы, але і падрыхтаваныя людзі, здольныя прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць.
Разам з Кангрэсам Савета Еўропы мы запускаем серыю семінараў, дзе еўрапейскія і беларускія эксперты будуць не проста дзяліцца досведам, але і шукаць адказы на практычнае пытанне: як выкарыстаць паспяховыя еўрапейскія мадэлі для рэформы мясцовага самакіравання ў Беларусі?
Рыхтавацца да пераменаў трэба ўжо сёння. І гэта менавіта тое, што мы робім».
Удзельнікі, якія наведаюць усе тры семінары, змогуць атрымаць электронны сертыфікат аб праходжанні навучання.
Азнаёміцца з графікам і патрабаваннямі можна ў падрабязнай праграме, а зарэгістравацца на семінары – па спасылцы.




