Дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі выступіла перад двума палітычнымі групамі Кангрэса.  Яны паказалі, як рэжым цісне на людзей унутры краіны і як ён працягвае гэта рабіць па-за межамі Беларусі.

На сустрэчы групы ЕРР Ірына Халопіца, кіраўніца дэлегацыі, дэлегатка фракцыі  «Латушка і Рух за свабоду», расказала, што рэпрэсіі не запавольваюцца ні на дзень: за кратамі – не менш за 880 палітвязняў, затрыманні, суды, незаконныя прысуды працягваюцца штодня. Асобую ўвагу яна звярнула на палітзняволеных, якіх вымусілі пакінуць краіну без права вяртання, часта без пашпарта і з адрывам ад сям’і. Яна заклікала падключыць мясцовыя сацыяльныя праграмы: шэлтары, рэабілітацыю, дапамогу дзецям і пажылым, а таксама партнёрства з беларускімі НДА.

Анастасія Свіркова, дэлегатка ад фракцыі «Еўрапейскі выбар», працягнула: рэпрэсіі выйшлі за межы Беларусі. Пасля ўказу № 278 амбасады не аднаўляюць пашпарты, і ў краінах Савета Еўропы, дзе жывуць каля паўмільёна беларусаў (паводле даследавання Народных амбасадаў Беларусі), людзі не могуць пацвердзіць сваю асобу, падоўжыць статус ці адкрыць рахунак. «Рамкавыя дамоўленасці не аднаўляюць дакументы. Гэта робіць чыноўнік у мясцовым офісе». Анастасія прапанавала муніцыпалітэтам шэраг канкрэтных крокаў:

  • увядзенне адзінай практыкі  і прызначэнне  кантактнай асобы па дакументах;
  • прызнанне кваліфікацый і  забеспячэнне доступу да працы;
  • пашырэнне абмену вопытам і супрацоўніцтва з беларускімі культурнымі НДА.

Перад ліберальнай палітычнай групай Кангрэса (ILDG) з тымі ж тэзісамі выступіў Міхаіл Рубін, дэлегат фракцыі «Хопіць баяцца»: пра рэпрэсіі, легалізацыю і тое, што без мясцовых рашэнняў дапамога не дайходзіць да людзей.

«Я з уласнага досведу ведаю, што значыць мець магчымасць свабодна выказваць сваё меркаванне і ўдзельнічаць у палітычным жыцці. Менавіта гэтай свабоды сёння пазбаўлены многія людзі ў Беларусі».

Выступленні выклікалі жывую цікавасць і гатоўнасць да супрацы.
У сесіі прымаюць удзел усе чальцы дэлегацыі: Ірына Халопіца (КЛРЗС), Юрась Губарэвіч (КЛРЗС), Аляксандра Дойніч (Наступ), Алесь Лапко (Наступ), Міхаіл Рубін (Хопіць баяцца), Анастасія Свіркова (Еўрапейскі выбар).

Яшчэ навіны

Падзяліцца