Цягам 4 дзён прадстаўнікі розных фракцый, якія ўваходзяць у склад дэлегацыі, правялі сустрэчы з нацыянальнымі дэлегацыямі Францыі, Германіі, Аўстрыі, Бельгіі, Італіі і Польшчы.
Узнімаліся пытанні аб спрашчэнні легалізацыі для беларусаў замежжа, скарачэнні тэрмінаў выдачы відаў на жыхарства, падаўжэнне тэрмінаў дзеяння выданых дакументаў, прымяненні дапушчальных альтэрнатыў беларускім дакументам для актаў рэгістрацыі грамадскага стану (шлюб, нараджэнне і інш.), падтрымкі і рэабілітацыі былых палітвязняў у выгнанні. Чальцы КР нагадалі нацыянальным дэлегацыям, што кансулаты беларускага рэжыму перасталі аднаўляць пашпарты, выдаваць даведкі і апастылі, а таксама паінфармавалі пра наратывы рэжымных СМІ аб пагрозе пазбаўлення беларускага грамадзянства.
Таксама дэлегацыя звярнулася да прадстаўнікоў мясцовых і рэгіянальных уладаў краін Рады Еўропы з прапановай аб арганізацыі адукацыйных візітаў для ўдзельнікаў «Кадравага Рэзерву».
Прадстаўнікі нацыянальных дэлегацый выказалі гатовасць лабіявання вырашэння пытанняў беларусаў у сваіх рэгіёнах і муніцыпалітэтах. Таксама польская, французская, аўстрыйская і бельгійская дэлегацыі прапанавалі немалаважную падтрымку па распаўсюджванні прыкладаў добрых практык і прапаноў па выпрацоўцы адзіных падыходаў, у тым ліку праз існуючыя асацыяцыі мэраў і кіраўнікоў адміністрацыйных інстытутаў.
Асобна ўздымалася пытанне рэабілітацыі і аздараўлення былых палітвязняў. Прадстаўнікі італьянскай дэлегацыі ўзгадалі досвед праграм для чарнобыльскіх дзяцей, і што ўжо існуюць беларускія сувязі са шматлікімі сем’ямі ў Італіі.
З мэрамі польскіх гарадоў абмяркавалі магчымасці ўдзелу беларусаў у мясцовых праграмах інтэграцыі.
З прадстаўнікамі аўстрыйскай дэлегацыі дамовіліся аб наступнай сустрэчы, каб выпрацаваць уніфікаваныя метады легалізацыі па рэгіёнах і спланаваць агульныя адукацыйныя і культурніцкія праекты.
З чальцамі дэлегацыі Германіі дамовіліся працягнуць камунікацыю на ўзроўні галаўной палітычнай асацыяцыі нямецкіх камун Deutsche Städtetag (DST) для дасягнення адзінага падыходу да праблемы пратэрмінаваных пашпартоў і адыходу ад практыкі прыняцця розных рашэнняў на месцах.
Кіраўніца дэлегацыі Ірына Халопіца падзякавала прадстаўнікам нацыянальных дэлегацый за сталую падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі і беларусаў, якія пражываюць у іх рэгіёнах.
Склад дэлегацыі КР у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы:
-
Ірына Халопіца – Кааліцыя «Латушка і Рух “За Свабоду”»;
-
Юрый Губарэвіч – Кааліцыя «Латушка і Рух “За Свабоду”»;
-
Аляксандра Дойніч – «Наступ»;
-
Міхаіл Рубін – «Хопіць баяцца!»;
-
Алесь Лапко – «Наступ»;
-
Анастасія Свіркова – «Еўрапейскі выбар».




