Пад час сустрэчы бакі абмеркавалі сур’ёзныя выклікі, з якімі сёння сутыкаюцца беларусы як унутры краіны, так і ў выгнанні. Дэлегацыя праінфармавала Прэзідэнтку і дакладчыцу пра працяг палітычнага пераследу і транснацыянальных рэпрэсій з боку рэжыму, крытычную сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, а таксама пра неабходнасць падтрымкі грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой. Асобна падкрэслілі патрэбу мінімізаваць наступствы транснацыянальных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў у краінах Рады Еўропы — у прыватнасці, немагчымасць атрымаць ці абмяняць пашпарты праз амбасады і консульствы, а таксама атрымаць неабходныя даведкі і пасведчанні.

Яшчэ адным важным кірункам працы стала падрыхтоўка даклада «Роля мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні», якую зараз вядзе дакладчыца Кангрэса ў супрацы з дэлегацыяй Каардынацыйнай Рады. Прыняццё гэтага даклада запланавана на сесіі Кангрэса ў сакавіку 2027 года.

Бакі абмеркавалі важнасць уключэння ў даклад тэмы імплементацыі Люксембургскіх пагадненняў на мясцовым узроўні ў краінах-сябрах Рады Европы, а таксама забеспячэння доступу былых палітвязняў і іншых рэпрэсаваных беларусаў да мясцовых сацыяльных праграм падтрымкі. Дэлегацыя адзначыла, што гэтыя пытанні рэгулярна падымаюцца і падчас двухбаковых сустрэч з нацыянальнымі дэлегацыямі.

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі важнасць салідарнасці на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, акцэнтаваўшы ўвагу на неабходнасці абмену паспяховымі практыкамі краін, якія прымаюць беларусаў, і іх далейшым распаўсюдзе. Таксама абмеркавалі важнасць працягу супрацы па развіцці патэнцыялу беларусаў для будучай Беларусі. Дэлегацыя падзякавала Кангрэсу за правядзенне варкшопа «Лідары перамен» і вебінараў для беларусаў, якія бачаць сваю будучыню ў мясцовым самакіраванні ў Новай Беларусі, а таксама паінфармавала пра камунікацыю з нацыянальнымі дэлегацыямі па арганізацыі адукацыйных візітаў у мясцовыя адміністрацыі краін Рады Европы.

Акрамя таго, Прэзідэнтка і дэлегацыя абмеркавалі пытанні актыўнага ўключэння прадстаўнікоў Беларусі ў дзейнасць Кангрэса. Гаворка ідзе пра ўдзел членаў дэлегацыі ў будучых місіях па назіранні за мясцовымі і рэгіянальнымі выбарамі, а таксама  пра працяг супрацоўніцтва беларускіх экспертаў і экспертаў Кангрэса, дзеля распрацоўкі дарожнай мапы па далучэнні будучай дэмакратычнай Беларусі да Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання.

Яшчэ навіны

Падзяліцца