26–27 кастрычніка ў Брусэлі адбыўся чарговы этап Minsk Forum 2026, прысьвечаны праблемам легалізацыі, дакумэнтаваньня і прававога становішча беларусаў у эўрапейскіх краінах.
У форуме ўзялі ўдзел дэлегатка Каардынацыйнай рады ад фракцыі «Еўрапейскі выбар» Кацярына Баўрэ.
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, Рады Эўропы, дыпляматы краінаў ЭЗ, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, праваабарончых і грамацкіх арганізацыяў.
Абарона правоў беларусаў за мяжой, садзейнічаньне іх легалізацыі, дакумэнтаваньню і свабодзе перамяшчэньня — адзін з напрамкаў праграмы «Еўрапейскага выбару». Удзел у брусэльскім форуме стаў часткай працы прадстаўнікоў фракцыі па гэтых пытаньнях.
Асаблівую ўвагу надалі доўгатэрміновым наступствам указу № 278, якім беларускія ўлады ў 2023 годзе абмежавалі консульскія паслугі для грамадзян за мяжой.
Беларусы, якія легальна жывуць у Эўропе, сутыкаюцца з немагчымасьцю аднавіць пашпарты, атрымаць дакумэнты грамадзянскага стану, неабходныя даведкі і апастылі. Гэта ўскладняе міжнародныя паездкі, навучаньне, прафэсійную дзейнасьць і выкананьне звычайных адміністрацыйных працэдураў.
Кацярына Баўрэ, якая таксама прадстаўляе Народнае консульства Беларусі ў Ніцы і прафэсійна займаецца французкім міграцыйным і адміністрацыйным правам, прадставіла ўдзельнікам канкрэтныя прыклады з практыкі Францыі.
«Мы маем справу з доўгатэрміновай прававой уразьлівасьцю, якую стварае штучная залежнасьць ад беларускай дзяржавы. Як можна чакаць, што беларусы будуць зьвяртацца па абарону, дакумэнты ці афіцыйныя пацьверджаньні да той самай дзяржавы, якая іх перасьледуе? Мой прафэсійны досьвед у Францыі паказвае, што прававыя альтэрнатывы ў шэрагу выпадкаў ужо існуюць. Аднак яны разьмеркаваныя паміж рознымі працэдурамі і не заўсёды аднолькава прымяняюцца адміністрацыйнымі органамі. Крытэр нашай пасьпяховасьці павінен быць вельмі простым: ці можа беларус на практыцы рэалізаваць свае правы, ня будучы вымушаным зноў залежаць ад уладаў краіны, зь якой ён зьехаў, ратуючыся ад перасьледу?»
Падчас працоўнага абмеркаваньня сябра фракцыі «Еўрапейскі выбар» выступіла з канкрэтнымі прапановамі да ўдзельнікаў Форуму, а таксама адзначыла важнасць фіксацыі немагчымасьці для беларусаў за мяжой атрымліваць і аднаўляць пашпарты, даведкі і дакумэнты грамадзянскага стану праз беларускія консульскія ўстановы, каб дзяржавы ЭЗ маглі ўлічваць гэтую сытуацыю ў нацыянальных адміністрацыйных працэдурах.
«Менавіта таму мы зьвяртаемся да Эўрапейскай камісіі з заклікам афіцыйна вызначыць гэтую рэальнасьць і дапамагчы забясьпечыць умовы, пры якіх нацыянальныя адміністрацыі змогуць улічваць яе ў сваёй практыцы» — падкрэсьліла Кацярына Баўрэ.
Таксама была прадстаўленая ініцыятыва пілётнага супрацоўніцтва ў мясцовым французкім дэпартамэнце. Яна прадугледжвае практычную працу з кампэтэнтнымі адміністрацыйнымі органамі дзеля пошуку законных рашэньняў праблем беларусаў, якія ня могуць атрымаць неабходныя дакумэнты.




