19 лістапада ў парламенце Аўстрыі адбылася штогадовая прэстыжная дыскусія Rede an die Freiheit, прысвечаная свабодзе і абароне ліберальнай дэмакратыі. Сярод яе папярэдніх выступоўцаў былі Кая Калас і Марта Кос. Сёлета галоўнай прамоўцай стала Марыя Калеснікава. Мерапрыемства арганізавала NEOS Lab у супрацоўніцтве з Renew Europe.

З прывітальнымі словамі выступілі міністарка замежных спраў Аўстрыі Беатэ Майнль-Райзінгер і дэпутат Еўрапарламента, дакладчык па Беларусі ў камітэце па замежных справах Хельмут Брандштэтэр. На сустрэчы таксама прысутнічалі дэлегатка КР і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева і прадстаўніца фракцыі «Еўрапейскі выбар» і Народнай амбасады Беларусі ў Аўстрыі Анастасія Свіркова.

Для беларускай дэмакратычнай супольнасці такія сустрэчы — магчымасць трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі еўрапейскіх палітыкаў і працягваць размову пра падтрымку беларусаў і вызваленне палітвязняў. Марыя Калеснікава распавяла пра свой досвед зняволення ў Беларусі, сілу заставацца свабоднай нават за кратамі, барацьбу беларускага народа і неабходнасць вызвалення палітвязняў.

Падчас нефармальнай часткі сустрэчы дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абмеркавалі з аўстрыйскімі парламентарыямі становішча беларускіх супольнасцяў у Аўстрыі і Славеніі, працяг рэпрэсій у Беларусі і транснацыянальныя рэпрэсіі, у тым ліку адмову ў консульскіх паслугах. Таксама размова ішла пра праблемы легалізацыі і дакументавання беларусаў.

Яшчэ навіны

Падзяліцца