Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан павіншаваў гасцей і каманду з адкрыццём новага офіса і адзначыў, што гэта прастора можа стаць паўнавартаснай пляцоўкай для ўзаемадзеяння дэлегатаў, а таксама для каардынацыі дзеянняў з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай.


«Само па сабе месца сапраўды сімвалічнае – гэта кавярня, дзе ў 1989 годзе знаходзіўся перадвыбарчы штаб „Салідарнасці“. Але дэмакратычныя выбары змаглі адбыцца дзякуючы таму, што ў Польшчы ўжо быў „Круглы стол“ паміж камуністычным рэжымам і прадстаўнікамі „Салідарнасці“».


Таксама ён згадаў рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, прынятую напярэдадні канферэнцыі «Новай Беларусі», – аб выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі праз дыялог, інструментам якога можа стаць той самы «Круглы стол», падтрыманы дэлегатамі канферэнцыі.


«І мне здаецца, што сама ідэя „Круглага стала“ цяпер гучыць, можа быць, крыху несвоечасова ці неяк фантастычна. Але калі я прыехаў сюды, у Варшаву, вучыўся на дыпламатычных курсах, адзін з дыпламатаў сказаў: калі я быў зусім маладым, у пачатку 80-х, я лічыў, што камуністы – ужо назаўжды, на ўсё жыццё, што я так буду жыць усё жыццё. А ў 1989 годзе, праз пяць ці шэсць гадоў пасля таго, як ён гэта казаў, адбыўся „Круглы стол“. Потым прайшлі ўсе выбары, і Польшча цяпер – дэмакратычная, незалежная еўрапейская краіна. Я ўпэўнены, што праз некалькі гадоў і ў Беларусі мы зможам зноў сабрацца і гаварыць пра тое ж самае. У 2026 нам казалі, што гэта ўсё нерэальна і мы заўсёды будзем жыць пры дыктатуры. Але ў 2029 ці 2030 пройдуць новыя, дэмакратычныя выбары. І мы будзем запрашаць альбо тых людзей, якім складана, якія змагаюцца за дэмакратыю, альбо проста запросім нашых польскіх сяброў, каб папіць кавы ў кавярні і ўзгадаць, як гэта было, за тое, што яны нас прынялі».

Яшчэ навіны

Падзяліцца