24 лістапада 2026 года а 19:00 адбылося чарговае пасяджэнне Каардынацыйнай рады, на якім было асветлена пытанне выбару прадстаўніка або прадстаўніцы КР у Кантактную групу Рады Еўропы. Пасяджэнне праводзіў віцэ-спікер Яўген Андрэйчык у пазбяганне канфлікту інтарэсаў. На месца прадстаўніка прэтэндуюць 2 кандыдаты: Аліса Рыжычэнка і Арцём Брухан. Фармат слуханняў уключаў выступленне кожнага кандыдата да 7 хвілін уключна, рэфлексіі і пытанні дэлегатаў, а таксама заключныя словы.
Арцём Брухан вылучыў супрацоўніцтва КР з Радай Еўропы як адзін з найважнейшых прыярытэтаў КР. Ён адзначыў важнасць прынцыпу падзелу роляў паміж структурамі дэмакратычных сіл і самастойнай суб’ектнасці КР і пазначыў шэраг ключавых напрамкаў у рамках супрацоўніцтва, а менавіта:
1. рэалізацыю «Люксембургскіх рашэнняў» па легалізацыі беларусаў;
2. інстытуцыйную працу ў рамках сумеснага плана дзеянняў;
3. падтрымку дэлегацый у ПАРЕ і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў;
4. каардынацыю экспертаў рады.
«Супраца Каардынацыйнай рады з Радай Еўропы — гэта адзін з важнейшых прыярытэтаў каардынацыйнай рады, а кантактная група — важны інструмент для таго, каб забяспечыць і захаваць гэтую інстытуцыйную супрацу Рады Еўропы з Каардынацыйнай радай. Падтрымка маёй кандыдатуры — гэта не толькі падтрымка мяне асабіста, але і сцвярджэнне суб’ектнасці КР і каардынацыя працы ўсіх нашых экспертаў», — вылучыў Арцём Брухан.
Аліса Рыжычэнка зрабіла акцэнт на практычнай абароне сацыяльна-эканамічных правоў беларусаў за мяжой і магчымасці беларусам скарыстацца гэтымі правамі. Сярод прыярытэтаў:
1. доступ да рынку працы, медыцыны, адукацыі і перакваліфікацыі;
2. прасоўванне гендарнай роўнасці і эканамічнай незалежнасці жанчын, а таксама імплементацыя адукацыйных і тэхналагічных праграм на нацыянальным узроўні;
3. навучанне кібербяспецы і процідзеянню дэзінфармацыі.
«Зараз галоўная мэта наша — гэта перавесці гэтыя патрэбы ў працоўныя механізмы, якія дадуць доступ беларусам да эканамічных і сацыяльных правоў у тых краінах, дзе яны будуць знаходзіцца. І менавіта кантактная група, якая займаецца каардынацыяй паміж беларускімі экспертамі і нацыянальнымі парламентамі і рознымі краінамі, і з’яўляецца тым месцам, дзе можна знаходзіць вось гэтую сувязь і каардынаваць гэтую сувязь так, каб гэта працавала і каб беларусы адчувалі ўжо сёння нейкія вынікі, канкрэтныя вынікі ў сваім жыцці, а не дзесьці там на будучыню», — адзначыла Аліса Рыжычэнка.
Падчас рэфлексіі і пытанняў дэлегаты абмеркавалі баланс прадстаўнічых функцый, неабходнасць якаснай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і ветэранаў, адпаведнасць ініцыятыў кандыдатаў плану актыўнасці Рады Еўропы на 2026–2027 гады і дапамогу палітвязням. Сакратарыяту даручана правесці галасаванне ў бліжэйшы час, а вынікі галасавання будуць абвешчаныя заўтра.
Поўны запіс слуханняў даступны на афіцыйным YouTube-канале КР: https://www.youtube.com/live/gVG7D_UOUXQ?si=Wjb_yQxVh-scM9Qm
Кантакты для СМІ: Прэс-служба: secretariat@rada.vision




