21 кастрычніка на агульным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады адбыліся адкрытыя слуханні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гендарнай роўнасці». Ініцыятарам выступіла Камісія па рэформах і падрыхтоўцы да пераходнага перыяду пад кіраўніцтвам Юрыя Губарэвіча.
Праект закона прадставіла экспертка ў галіне медыя і сацыяльных камунікацый Ірына Сідорская, а судакладчыкам выступіў эксперт з Малдовы Вадзім Віеру. Слуханні праходзілі ў фармаце дыскусіі з удзелам сябраў Каардынацыйнай Рады і экспертаў.
Праект закона «Аб гендарнай роўнасці» адзін з першых дакументаў, які прапануе сістэмны падыход да забеспячэння роўных правоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян Беларусі. У ім прадугледжаны не толькі дэкларатыўныя нормы, але і канкрэтныя механізмы рэалізацыі прынцыпаў роўнасці: вызначаюцца паняцці «гендар» і «гендарная ідэнтычнасць», абавязкі дзяржавы, бізнесу і адукацыйных установаў, а таксама меры абароны ад дыскрымінацыі.
Гэты праект з’яўляецца важным крокам у пабудове сучаснай, дэмакратычнай і справядлівай Беларусі, дзе роўнасць і павага да кожнага чалавека становяцца асновай дзяржаўнай палітыкі і грамадскіх адносінаў.
Каментар спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана:
“Гэта першыя слуханні з серыі абмеркаванняў праектаў законаў, падрыхтаваных экспертамі сумесна з Камісіяй па рэформах Каардынацыйнай Рады. Мы разглядаем гэтыя працэсы як неабходны элемент будучай заканатворчай працы ў дэмакратычнай Беларусі. Каардынацыйная Рада, як прадстаўнічы орган дэмакратычнай часткі беларускага грамадства, які фармуецца шляхам выбараў – гэта менавіта тая інстытуцыя, у якой слушна праводзіць публічныя слуханні такіх законапраектаў і абмяркоўваць іх. Таксама варта адзначыць, што на канферэнцыі Новая Беларусь у 2025 годзе была прынята рэзалюцыя “Еўрапейскі выбар Беларусіі падрыхтоўка дарожнай карты інтэграцыі ў ЕС” і слуханні адпаведных законапраектаў з удзелам экспертаў спрыяюць рэалізацыі прынятых намі агульных дакументаў”.
Каардынацыйная Рада працягне серыю слуханняў па розных заканадаўчых ініцыятывах, што могуць стаць асновай для рэформаў у дэмакратычнай Беларусі.





