Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл, сфармаваная з чальцоў Каардынацыйнай рады, правяла ў ПАРЕ насычаны працоўны тыдзень: працавала ў палітычных групах і камітэтах, правяла шмат двухбаковых і асабістых сустрэч.
У склад дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) ўваходзяць Уладзімір Астапенка, Павел Латушка, Ксенія Луцкіна, Яўгеній Андрэйчык, Аляксандра Мамаева і Ганна Скрыган.
Паспяхова прайшлі традыцыйныя брыфінгі дэлегатаў пра сітуацыю ў Беларусі ў палітычных групах. Гэта вельмі важны момант у працы дэлегацыі: дэпутаты аддаюць свой час і ўвагу толькі беларусам і Беларусі.
Дэлегацыя працягнула працу ў камітэтах. Найбольш беларускай на гэтай сесіі была павестка Камітэта па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ. Дэпутатка Сейма Польшчы Агнешка Памаска рыхтуе даклад і рэзалюцыю «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі» — рэкамендацыі 46 дзяржавам Рады Еўропы, як падтрымліваць беларускую культуру ў эміграцыі і ўнутры Беларусі. 1 кастрычніка дакладчыца прадставіла першыя вынікі сваёй працы. «Будучыня беларускай культуры мае значэнне не толькі для дэмакратыі — яна мае значэнне для будучыні дэмакратычнай, незалежнай і бяспечнай Еўропы. Важна не проста абараняць асобных творцаў або інстытуцыі, якія знаходзяцца пад рэпрэсіямі: мы павінны дапамагаць захаваць беларускую культуру як унутры Беларусі, так і за яе межамі», — адзначыла яна.
Прадстаўнікі КР правялі шэраг змястоўных двухбаковых сустрэч з нацыянальнымі дэлегацыямі. З украінскай дэлегацыяй дамовіліся ўзаемна дапамагаць у прасоўванні нацыянальных інтарэсаў абедзвюх краін і прыкласці максімум намаганняў, каб дзяржавы хутчэй ратыфікавалі дакументы аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — органа, які павінен прыцягнуць да адказнасці вышэйшых асоб, адказных за агрэсію.
Асобныя сустрэчы адбыліся з нямецкай і польскай дэлегацыямі, а таксама з дэлегацыяй Манака. Упершыню адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Манака, старшынёй Камітэта міністраў Рады Еўропы спадарыняй Ізабэль Бера-Амадэі.
Асобна трэба адзначыць надзвычай змястоўную сустрэчу з новым кіраўніком Дэлегацыі ЕЗ пры Радзе Еўропы, паслом Аляксандрам Штуцманам.
ПАРЕ — унікальная пляцоўка. За адзін дзень тут можна сустрэцца з дэпутатамі ўсіх 46 краін, абмеркаваць усе пытанні беларускага і еўрапейскага парадку дня і дамовіцца пра супрацоўніцтва. Дэлегацыя актыўна працуе над стварэннем у ПАРЕ групы «За дэмакратычную Беларусь».
Уся гэтая праца — дзеля таго, каб трымаць у еўрапейскай павестцы Беларусь, каб Еўропа не забывала пра беларускіх палітвязняў і іх сем’і, пра тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму і сёння працягвае змагацца за будучыню.




