«Тыдзень таму Прэзідэнт Зяленскі агучыў тэзіс пра тое, што Украіна працягне наносіць удары ў адказ, каб прымусіць Расію да дыпламатыі. Гэты ж прынцып мусіць працаваць і ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі: міжнародная супольнасць павінна аказваць скіраваны палітычны, эканамічны і дыпламатычны ціск, каб прымусіць рэжым сесці за круглы стол і пачаць рэальны, інклюзіўны дыялог», — адзначыў спікер Каардынацыйнай Рады, чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Арцём Брухан падчас трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», якая праходзіць у Парыжы, арганізаванай Нацыянальным сходам Францыі.

Падчас сваёй прамовы Арцём Брухан звярнуў увагу на надзвычай цяжкую ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, адзначаючы, што рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень, а ў турмах рэжыму знаходзіцца толькі па афіцыйных дадзеных больш за 1300 палітычных зняволеных. Сярод іх — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», які застаецца сімвалам сумлення і годнасці для ўсяго беларускага грамадства, а, магчыма, і для ўсяго дэмакратычнага свету.

«Беларусі патрэбны дыялог і прымірэнне, павага да чалавечай годнасці, а не страх.

Менавіта таму я звяртаюся да вас з заклікам падтрымаць ідэю нацыянальнага дыялогу, вынікам якога можа стаць круглы стол. Менавіта нацыянальны дыялог можа стаць перадумовай рэальнага працэсу, які прывядзе да дэмакратызацыі Беларусі.

Мы прапаноўваем захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі — тое, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. І толькі Лукашэнка не жадае гэтага.

Лукашэнка павінен зразумець — калі ён хоча зняцця санкцый Еўрапейскага саюза, няма іншага выбару, акрамя таго, каб сесці за стол перамоў з дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадствам. Гэта адзіны спосаб зняцця санкцый, і іншых няма.

Беларускае грамадства, нават уладныя эліты, гатовыя да перамен, але нам неабходна прастора і падтрымка, каб гэтыя перамены сталі магчымымі і Беларусь была да іх падрыхтаваная. Сёння тут, у Парыжы, мы адчуваем, што нашую барацьбу за дэмакратыю падтрымліваюць нашыя сапраўдныя сябры.

Дзякуючы вам, у нас ёсць адчуванне, што барацьба за свабоду — гэта не адзіночная бітва, а частка агульнага еўрапейскага шляху да міру, дэмакратыі і бяспекі», — адзначыў спікер Каардынацыйнай Рады.

Арцём Брухан падчас выступу расказаў падрабязней пра Каардынацыйную Раду і пра той ціск і рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца ўсе чальцы КР.

Таксама выказаў падзяку Францыі за нязменную падтрымку беларускага грамадства і асабліва спадару Фрэдэрыку Пэці, каардынатару парламенцкай ініцыятывы «За дэмакратычную Беларусь» у Францыі за яго ўвагу да Беларусі і за тое, што ён быў назіральнікам на выбарах у Каардынацыйную Раду Беларусі ў 2025 годзе.

Арцём Брухан заклікаў парламенты ўсіх краін-партнераў далучыцца да назірання за наступнымі выбарамі ў Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца ў 2026 годзе.

Яшчэ навіны

Падзяліцца