«Шырокае выкарыстанне катаванняў, адвольных затрыманняў, прымусовай дэпартацыі, а таксама падаўленне грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і палітычнай апазіцыі складаюць сур’ёзныя парушэнні міжнароднага права і асноўных прынцыпаў дэмакратыі. Прыцягненне да адказнасці з’яўляецца неабходным. Безкаранасць не можа працягвацца», — гаворыцца ў заяве Дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю і старшыні Камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў падтрымку беларускага народа.

Заява была прынята старшынёй Камітэта па замежных справах Еўрапарламента Дэвідам Макалістэрам, старшынёй Дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю Малгожатай Гасеўскай, намеснікамі старшыні Дэлегацыі Міхалам Кобоскам і Томасам Тобэ.

«Рост кантролю Расіі над Беларуссю ўяўляе сур’ёзную пагрозу рэгіянальнай бяспецы і суверэнітэту Беларусі. За апошнія пяць гадоў рэжым Лукашэнкі стаў усё больш залежным ад Крамля — палітычна, эканамічна і ваеннымі сродкамі — у абмен на пастаянную падтрымку, нягледзячы на яго ўнутраную нелегітымнасць.

Мы цвёрда прыхільныя дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні Беларусі. З гэтай мэтай мы будзем працягваць цесна супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і міжнароднымі партнёрамі для падтрымкі мірнага транзіту, заснаванага на дэмакратыі, вяршэнстве права і павазе да правоў чалавека. Гэта ўключае пастаянную палітычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў і дэмакратычных актараў — як у выгнанні, так і тых, што дзейнічаюць пад пагрозай унутры краіны.

Будучыня Беларусі належыць яе народу — а не аўтарытарнаму рэжыму і не якой-небудзь замежнай дзяржаве. Мы будзем працягваць стаяць на баку беларускага народа ў яго імкненні пабудаваць свабодную, суверэнную і дэмакратычную краіну», — гаворыцца ў заяве прадстаўнікоў Еўрапейскага парламента.

Поўны тэкст заявы Дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю і старшыні Камітэта па замежных справах Еўрапарламента:https://www.europarl.europa.eu/delegations/en/d-by/documents/communiques

«Я выказваю глыбокую ўдзячнасць Дэвіду Макалістэру і ўсёй дэлегацыі Еўрапейскага парламента па адносінах да Беларусі за гэтую важную заяву і непахісную падтрымку народа Беларусі. Для нас надзвычай важна мець паслядоўных сяброў і саюзнікаў, якія разумеюць значэнне дэмакратызацыі нашай краіны, не толькі для Беларусі, але і для бяспекі ўсёй Еўропы.

Мяжа бяспекі Еўропы праходзіць не па знешняй мяжы ЕС з Беларуссю, а ўнутры самога беларускага грамадства. Менавіта беларускае грамадства можа быць гарантам бяспекі ў Еўропе, таму вельмі важна працягваць падтрымку СМІ, блогераў, НДА і ўмацоўваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.

Мы будзем працягваць змагацца за свабодную, суверэнную і дэмакратычную будучыню Беларусі. І салідарнасць нашых партнёраў для нас вельмі важная ў гэтай барацьбе», — адзначыў лідар фракцыі ў Каардынацыйнай Радзе Павел Латушка.

Яшчэ навіны

Падзяліцца