У панядзелак у Вячэрняй радзе сябра КР Мікіта Салавей адказваў на пытанні гледачоў аб пандэміі, а таксама прэзентаваў новы праект Рупар COVIDa. Чытайце ніжэй галоўнае з таго, што казаў Мікіта Салавей.

Аб масках

– Шкода масак – гэта міф. Апублікаваная вялікая колькасць даследаванняў пра тое, што своечасовае ўвядзенне масачнага рэжыму можа істотна паўплываць на распаўсюджанасць COVID-19 у папуляцыі. Чым больш людзей прытрымліваецца прынцыпаў выкарыстання індывідуальных сродкаў абароны органаў дыхання, тым вышэйшая іх эфектыўнасць і меншая распаўсюджанасць інфекцыі.

Аб даверы да рэкамендацый СААЗ

– Зразумела, што грамадзяне краіны могуць прымаць ці не прымаць рэкамендацыі СААЗ. Але існуюць сітуацыі, калі выкарыстанне рэкамендацый прапісана ў нарматыўных дакументах, і яно становіцца абавязковым да выканання. Як, напрыклад, увядзенне масачнага рэжыму. Тут вядзецца нават не пра абарону самога чалавека, але пра абарону іншых асоб.

Пра недахопы сістэмы аховы здароўя

– Вельмі часта сістэме аховы здароўя бракуе адкрытасці: адкрытасць, прызнанне наяўных праблем дазваляюць пачаць іх вырашаць. Калі мы думаем, што ў нас усё вельмі добра, то мы не бачым, да чаго трэба імкнуцца.

Аб розніцы працякання COVID-19

– Нават калі захворваюць члены адной сям’і, хтосьці можа тэмпературыць 7-14 дзён, а хтосьці наогул без тэмпературы. Залежнасці паміж працягласцю тэмпературы і цяжкасцю стану пацыентаў няма. Рэкамендацыя для ўсіх тут адна: працягваць шмат піць і выкарыстоўваць гарачкапаніжальныя прэпараты, асабліва калі сатурацыя застаецца стабільнай.

Аб дыягностыцы

– У Беларусі выкарыстоўваюцца чатыры асноўныя метады: выяўленне антыгену віруса ў рэспіраторных змывах;  палімеразная ланцуговая рэакцыя (ПЛР) у рэспіраторных змывах;  выяўленне антыцелаў да віруса ў крыві;  камп’ютарная тамаграфія лёгкіх (КТ). Усе гэтыя метады выкарыстоўваюцца на розных стадыях інфекцыі.

Аб вакцынацыі

– Калі казаць пра каранавірусную вакцыну, то пра доступ беларусаў да яе казаць рана. Расія паабяцала, што мы будзем адной з першых краін, дзе яна пачне прымяняцца. Чым небяспечная расійская вакцына? Па «Спутнику 5» працягваюцца клінічныя даследаванні. Меркаваць аб бяспецы можна будзе па выніках гэтых даследаванняў. Пакуль па ніводнай з распрацаваных вакцынаў, уключаючы ЗША і Еўропу, няма вынікаў даследаванняў іх клінічнай бяспекі.

Пра важнасць салідарнасці

– Мы звяртаемся да медыцынскіх работнікаў і нашага неймавернага насельніцтва: дапамажыце адно аднаму! Цяпер як ніколі важныя яднанне і супрацоўніцтва медыцынскіх работнікаў і пацыентаў, каб выстаяць перад нашым агульным ворагам – каранавірусам SARS-CoV-2.

Аб медработніках

– Мае калегі на сённяшні дзень робяць усё магчымае, каб дапамагаць сваім пацыентам. Сёння медыкі знаходзяцца пад уздзеяннем цэлага шэрагу фізічных і псіхалагічных фактараў. Многія працуюць без выходных і адпачынкаў з сакавіка.

Яшчэ навіны

Падзяліцца